21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта не проста каляндарная дата, а нагода задумацца пра лёс роднай мовы, яе месца ў сучасным свеце і ўнесці свой уклад у яе захаванне і развіццё. Напрацягу ўсяго тыдня праводзіліся розныя мерапрыемствы з мэтай фарміравання ў вучняў цікавасці да гісторыі Беларусі, развіцця пазнавальнага інтарэсу, пашырэння кругагляду і слоўнікавага запасу. Асаблівая ўвага надавалася выхаванню патрыятызму, пачуцця гонару за Айчыну і любові да роднай зямлі праз камандную гульню і творчыя заданні.
Вынікам і яскравым завяршэннем тыдня стала сённяшняе мерапрыемства «Свята роднай мовы» сярод вучняў 6-7 класаў. Свята прайшло ў форме падарожжа-гульні, што дазволіла стварыць атмасферу займальнасці і спаборніцтва. Вучні адказвалі на пытанні пра дзяржаўныя сімвалы, гарады-героі, Канстытуцыю і прыродныя багацці, ўстаўлялі прапушчаныя словы ў вершы беларускіх паэтаў і выразна чыталі іх. Свята пакінула яркі след у сэрцах дзяцей, яшчэ раз нагадаўшы, які цудоўны падарунак лёсу — жыць у Беларусі.

